Каранацыя брытанскіх манархаў
Каранацыя брытанскіх манархаў — цырымонія (абрад пасвячэння), пры якой манарх Вялікабрытаніі афіцыйна карануецца і надзяляецца рэгаліямі. Гэты абрад аналагічны каранацыі, якая раней мела месца і ў іншых еўрапейскіх манархіях, якія ў наш час адмовіліся ад каранацыі на карысць цырымоній інаўгурацыі ці інтранізацыі.
Каранацыя звычайна адбываецца праз некалькі месяцаў пасля смерці папярэдняга манарха, бо лічыцца радаснай падзеяй, з прычыны чаго недарэчна праводзіць яе, пакуль працягваецца жалоба. Такая паўза таксама дае планіроўшчыкам дастаткова часу для завяршэння складаных механізмаў, неабходных пры падрыхтоўцы каранацыі. Напрыклад, Лізавета II была каранавана 2 чэрвеня 1953 года, хоць узышла на прастол 6 лютага 1952 года.
Цырымонія праводзіцца архібіскупам Кентэрберыйскім, вышэйшым святаром Цэрквы Англіі ў Вэстмінстэрскім абацтве. Іншыя святары і прадстаўнікі знаці (пэры Англіі) таксама ўдзельнічаюць у каранацыі; большасць удзельнікаў цырымоніі абавязаны насіць падчас яе цырыманіяльную форму ці адзенне. Каранацыю наведваюць многія іншыя ўрадавыя чыноўнікі і госці, у тым ліку прадстаўнікі замежных дзяржаў.
Ключавыя элементы каранацыі амаль не змяніліся за апошнія тысячу гадоў. Манарх на ёй «упершыню» прадстаўляецца народу і прымаецца ім. Ён ці яна пасля гэтага дае клятву абараняць закон і царкву. Пасля гэтага адбываецца памазанне манарха ялеем, увянчанне яго каронай Святога Эдуарда, і надзяленне яго рэгаліямі, пасля чаго адбываецца працэдура яго ці яе амажу. Калі манарха ўвенчваюць каронай, усе прысутныя пэры таксама надзяваюць свае кароны. Падчас каранацыі манарх сядзіць у крэсле караля Эдуарда, у якое да 1996 г. быў умантаваны Скунскі камень.
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Hilliam, David (2001). Crown, Orb & Sceptre: The true stories of English Coronations. Stroud: Sutton. ISBN 0-7509-2538-8.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Coronation
- The Form and Order of Service that is to be performed and the Ceremonies that are to be observed in The Coronation of Her Majesty Queen Elizabeth II in the Abbey Church of St. Peter, Westminster, on Tuesday, the second day of June, 1953